Вяртаньне ы Тутэйшыя (на белорусском языке)

Тема

Аркуш Алесь

Алесь Аркуш

Вяртаньне ў "Тутэйшыя"

Шмат разоў прасiў былых "тутэйшаўцаў" напiсаць успамiны i ўкласьцi кнiгу. Прасiў Бяляцкага, Сыса, iншых. Той-сёй нешта напiсаў, пераважна неiстотнае i, часам, непраўдзiвае. Такiм чынам, зноў замест адказаў пакiдаем пытаньнi... Пакуль канчаткова ня выпетрылiся з галавы падрабязнасьцi тых падзеяў, паспрабую занатаваць старонкi гiсторыi, сьведкам якой быў асабiста, балазе, маю вялiкi архiў - лiсты, дзёньнiкавыя запiсы, тагачасныя газэтныя публiкацыi. Спадзяюся, некалi ўспамiны "тутэйшаўцаў" нехта руплiва зьбярэ ў кнiгу.

Адразу папярэджу, што ў "Тутэйшых" быў шараговым сябрам, у нiякiя кiраўнiчыя ворганы не ўваходзiў, i таму ня ведаю "вышэйшых сакрэтаў". Прынамсi, доўгi час я лiчыў, што "Тутэйшыя" паўсталi выключна з iнiцыятывы Бяляцкага й Сыса, сяброў па гомельскiм "унiвэры". Але пазьней, у сярэдзiне 90-х, Генадзь Сагановiч паведамiў мне, што Б. i С. былi ўсяго толькi выканаўцамi, а iдэя стварэньня суполкi належыла iншаму чалавеку, якi насамрэч кiраваў ёю. Гэтае прызнаньне падобнае да праўды, я асабiста веру ў тое. Аднак дакладна сьцьвярджаць ня маю права, бо, паўтаруся, ня быў далучаным да таямнiцы.

I яшчэ адна заўвага. Я асабiста лiчу, што "Тутэйшыя" iснавалi датуль, пакуль у дзейнасьцi лiтсуполкi прысутнiчала рызыка, таямнiчасьць i кансьпiрацыя. Калi аб'яднаньне "Тутэйшыя" вырашыла легалiзавацца й ператварылася ў Таварыства маладых лiтаратараў пры СП БССР, суполка сканала.

Каб патрапiць у "Тутэйшыя", патрэбна была рэкамэндацыя. Мне такую рэкамэндацыю даў Анатоль Сыс. З Анатолем я пазнаёмiўся ў лiпенi 1986 году ў рэдакцыi часопiса "Маладосьць", куды пэрыядычна заходзiў па навiны да Яўгенii Янiшчыц. Да маiх першых вершаваных спробаў вядомая паэтка паставiлася прыхiльна й, пасьля азнаямленьня з рукапiсам, сказала: "Будем ставiць". Аднак папрасiла прынесьцi яшчэ адну нiзку вершаў, каб выбраць лепшае. Прыхiльнасьць вядомае паэткi не азначала, што ставiць будуць заўтра, цi ў гэтым месяцы, цi ў гэтым годзе. Упершыню Янiшчыц адабрала мае вершы для друку ў верасьнi 1985 году. А мой дэбют у "Маладосьцi" адбыўся ажно ў чэрвенi 1987-га. Я чуў з аповедаў дасьведчаных людзей, што чакаць даводзiцца доўга. Але каб столькi!.. Час чаканьня цягнуўся марудна й пакутлiва, а вершы ў часопiсе ўсё не зьяўлялiся. Некалькi разоў я заходзiў да Янiшчыц, каб пацiкавiцца: калi ўжо, нарэшце? Яна прыязна пасьмiхалася й запэўнiвала, што ўсё нармальна, але трэба пачакаць яшчэ, маўляў, чарга. У адзiн з такiх вiзытаў я й пазнаёмiўся з Сысам. Летам 86-га легендарнаму паэту "новай хвалi" мяне прадставiў Вiктар Шнiп, якога я ведаў па лiтаб'яднаньнi "Крынiцы", што пад апекай Раiсы Баравiковай працавала пры газэце "Чырвоная зьмена". Дарэчы, на "Крынiцах", яшчэ напачатку 85-га, я пазнаёмiўся i з Адамам Глёбусам, i з Славамiрам Адамовiчам, i зь Людкай Сiльновай. Культавае Глёбусаўскае апавяданьне "Слон" я ўпершыню пачуў у аўтарскiм чытаньнi ў рэдакцыйным пакоi "ЧЗ", i друкавалася яно ўпершыню ў гэтай камсамольскай газэце. Больш нiдзе б не надрукавалi. Баравiкова любiла Валодзю Адамчыка. Але я ня памятаю, каб у "Чырвоную зьмену" заходзiў Сыс. Першая мая размова з Анатолем доўжылася больш двух гадзiнаў. Ён апавядаў пра "Талаку", з паэтаў вызначаў Галубовiча й Бембеля (апошняга лiчыў сваiм настаўнiкам). Вельмi раўнiва ставiўся да Глёбуса. Нядаўнi выпускнiк "фiлфаку" гомельскага "ўнiвэру" на той час меў усяго некалькi публiкацыяў у цэнтральным друку, аднак быў прыкметна сьпешчаны славай i ўвагай. Сыса ўжо ў той час я ўспрымаў, бадай, як жывую легенду, як прыжыцьцёвага клясыка.

Першы зборнiк Анатоля Сыса "Агмень" выйдзе ў 1988 годзе ў толькi што створанай сэрыi "Бiблiятэка часопiса "Маладосьць".

Помогите Вашим друзьям узнать о библиотеке